Home

Advertisement

Вiдэа са сплаву па Нёмане

  • Jul. 31st, 2009 at 10:33 PM
Іван Шах


З-за надта нiзкай хуткасцi iнтэрнэту ў Лiдзе (нават у iнтэрнэт-клубе) выкласцi адразу ўсе ролiкi не атрымалася. Таму буду рабiць гэта патроху, порцыямi.

Сплаў Ярэмічы – Любча

  • Jul. 23rd, 2009 at 8:28 PM
Іван Шах
Хвала Госпаду! Доўгачаканы сплаў па Нёмане нарэшце адбыўся!
Сплаў не просты, а хрэсны і прымеркаваны да 25-годдзя ўсталявання свята Сабору беларускіх святых. Удзельнікі сплаву (беларуская праваслаўная молоадзь з Ліды і Менску – агулам недзе чалавек 25) неслі з сабою ікону святой Еўфрасінні Полацкай з часцінкай яе мошчаў.
У суботу 11 ліпеня ўвечары ў вёсцы Ярэмічы, што сталася адпраўным пунктам сплаву, у царкве Узнясення (2 пал. ХІХ ст.) было адслужанае Усяночнае трыванне. Пасля яго ў доме культуры ўсе разам зладзілі для месцічаў імправізаваны канцэрт.
Назаўтра ў нядзелю служылі ўжо Літургію. У гэты ж дзень мы планавалі стаць на ваду і адпраўляцца. Але пасля малебну і асвячэння вады распачаўся дождж, які паліваў нас з кароткімі перапынкамі да самага змяркання. Да дрэннага надвор’я дадаліся неспадзяваныя тэхнічныя праблемы: амаль усе балоны ў плытах адмовіліся трымаць у сабе паветра. Спробы тэрміновага рамонту плёну не далі. Таму замест меркаваных трох плытоў-катамаранаў прыйшлося збіраць адзін, які б здолеў стаяць на вадзе і трымаць вялікую колькасць людзей і рэчаў.
У сонечны ранак панядзелка ўрачыстая пагрузка, разбіванне аб борт бутэлькі шампанскага і чаканае адпраўленне ўсё ж адбыліся. Такім чынам у нашую флатылію ўвайшлі: тры байдаркі, адзін плыт-катамаран і адзін гумовы выратавальны плыт “ПСН”. Так і паплылі. Частка шляху ў першы дзень палягала праз кавалак Налібоцкай пушчы: плыць праз калідор лесу было цікава і прыемна. Першы прыпынак і начлег – вёска Панямонь.
Наступны пункт праграмы – Шчорсы. Тутака давялося палазіць па занядбаным палацы Храптовічаў і паўздыхаць, узгадваючы легендарную бібліятэку. У царкве св. Дзімітрыя (1770 —76 гг.) – малебен, а на яе двары – зноў канцэрцік для прыхаджанаў. Кожны канцэрт, дарэчы, пачынаўся выкананнем гімну “Магутны Божа”, затым у выкананні Ромы ([info]szkaliar ) і іншых, хто ведаў тэксты, гучалі самыя разнастайныя песні (“Простыя словы”, “Мой родны кут” і інш.), а таксама духоўныя песні (“Імя Тваё”, “Вядзі мяне”, “Маранафа”). Пасля Шчорсаў узнікла і праблема са стаянкай: лес скончыўся і пачаліся бяскрайнія лугі. Таму ў аўторак сталі, дзе змаглі.
У сераду – абнос мосту ля вёскі Гнесічы і наведванне Лаўрышаўскага манастыру. Страчаны дзень не дазволіў спыніцца тут надоўга. Вымушаныя былі плыць далей. Ночылі недалёка ад мястэчка Купіск.
Нараніцу абносілі мост ля Купіску. Натуральна не без прыгодаў. Лёгкія байдаркі перакінулі хутка. А вось пры перацягванні праз мост вялікага плыта, гэты самы мост пачаў літаральна рассыпацца. Дошкі, што і так трымаліся на саплях, адвальваліся і збіраліся ў плаванне. Прыходзілася лавіць іх рукамі і вёсламі і збіраць хоць да якой кучы. Мясцовыя мужыкі, што тутака ж лавілі рыбу, надзіва спакойна рэагавалі на “разбурэнне” добрага кавалку мосту. Няёмкая сітуацыя атрымалася. Але, як высветлілася пазней, такая з’ява для іх, здаецца, звыклая: калі адпраўлялася апошняе нашае судна, мужычкі падбеглі і хуценька вядомым толькі ім чынам склалі з разваленых дошак мост (саплямі, мабыць, зноў замацавалі)… Пазней ля вогнішча мы жартавалі: “…Пераадолелі ўсе перашкоды на сваім шляху… А якія не пераадолелі – тыя зламалі…”
Увечары нас ужо чакалі ў Любчы – канцавым пункце нашага воднага падарожжа. Мы яшчэ толькі падплывалі, а мясцовыя жыхары віталі нас з мосту, у храме званілі званы. Тут і хлеб-соль, і малебен у прыгожым храме, і зноў канцэрт. Канцэрт быў апошні, але і самы лепшы: спявалі дружней і гучней, дый Рома быў ва ўдары, цікава распавядаў аб Еўфрасінні Полацкай Алесь Спіцын ([info]volny_licwin ).
Пазней у наш лагер да вогнішча на кані і ў старажытным строі завітаў Мікола – кашталян Любчанскага замку Радзівілаў і мясцовы ветэрынар па сумяшчальніцтве (ці наадварот…) – слухаў, распавядаў, спяваў. Вельмі цікавы чалавек.
Усю пятніцу адпачывалі, купаліся, валяліся на сонцы, “раўнялі” загар. Пабывалі ў Народным музеі і, канечне, замку.
Асабіста я паходам дужа задаволены – збылася даўняя мара. Спаленыя ўшчэнт твар і рукі, алергія, тучы камароў – гэта ўсё дробязі. У памяці ж адаб’юцца грандыёзны Нёман, велічная і непараўнальная прырода роднага краю, атрыманы вопыт, досвед, эмоцыі, цёплая кампанія добрых і цікавых людзей.
Шкадую, што так хутка ўсё прайшло. Хачу яшчэ.

Глядзіце ФОТАЗДЫМКІ

***

  • May. 3rd, 2009 at 2:58 PM
Іван Шах
Зверху - плошча НЕЗАЛЕЖНАСЦІ
"плошча ЛЕНІНА" - пад зямлёй
Нешта ў гэтым сімвалічнае ёсць...
тоўсты
Такое пабачыць можна было толькі на нашай беларускай вечарыне...
Як і абяцаў, распавядаю.
16 красавіка на філфаку БДУ прайшла Другая Беларуская вечарына пад назовам "Любім і цэнім, бо яны нашы..."
Вечарына, у прынцыпе, уяўляла сабой сапраўднае асарці, калі не сказаць вінегрэт, з самых разнастайных нумароў не менш разнастайнай тэматыкі, што адрознівала яе ад першай імпрэзы двухгадовай даўніны, цалкам прысвечанай аднаму аўтару - Ф. Багушэвічу.
На гэты раз было цяжэй - ні постаці, ні твора, які б зацэментаваў сабой усе нумары. А хацелася нечага канцэптуальнага. З'явілася ідэя - увесці ў дзеянне тры асобы - Польскага публіцыста, Маскоўскага дэмакрата і Беларускага аўтара з драматычнага твору М. Гарэцкага "Антон". Ставіць асобна "Антона" не было сэнсу: гледачы павесіліся б ад скукі... Таму вырашылі наступнае: паспрабаваць нейкім чынам сцэнічна праілюстраваць іх дыскусію-размову, што адбылася ў адным з віленскіх шынкоў напачатку ХХ стагоддзя. Як вы памятаеце з твору, шукалі яны "чалавека будучыны", абмяркоўвалі беларускую літаратуру і культуру.
Атрымалася ў нас з гэтага нейкая містэрыя-падарожжа па беларускай літаратуры, дзе на словы трох галоўных асоб, што сядзяць п'юць піва і вядуць разумную бяседу, накладваліся пазнавальныя эпізоды з вядомых твораў беларускай літаратуры. Важным было тое, што паляк, маскаль і беларус пераўвасабляліся ў герояў гэтых твораў. Так, Польскі публіцыст пераўтварыўся ў Пана з "Адвячорка" Гераніма Марцінкевіча. Маскоўскі дэмакрат паспеў стаць і Кручковым з "Пінскай шляхты", і таемна смерцю з "Ладдзі роспачы". Былі маскаль з палякам адпаведна і Усходнім і Заходнім вучонымі з "Тутэйшых". Была там і Плачка. І "Мужыкі", што чыталі вершы Купалы і Багушэвіча. Карацей, напрыканцы самім нам ўжо цяжка было ўспомніць, дзе совы Гарэцкага, а дзе дадуманае намі.
Распавесці ўсё ў некалькіх словах немажліва. Гэта проста трэба было бачыць.

Польскі публіцыст, Беларускі аўтар, Маскоўскі дэмакрат


Далей, далей... )

За 9 мільёнаў рублёў!!!

  • Apr. 24th, 2009 at 11:56 AM
Іван Шах
Сёлета, недзе напрыканцы студзеня - напачатку лютага, вандравалі разам з [info]vadimux і [info]ded_al па лідскім і суседніх раёнах. Пабывалі шмат дзе.
Сярод іншага заехалі і ў Жэмыслаў, дзе знаходзіцца палац Умястоўскіх, што ледзь не на самай мяжы з Літвою. Палац у Жэмыславе - копія варшаўскай рэзідэнцыі караля Станіслава Аўгуста "Лазенкі".
Вось фотаздымкі з нашага падарожжа ад Сашы і ад Вадзіма
Вельмі прыгожы палац і мясцовасць навокал.
А тут вось неспадзявана трапляю на інфармацыю, што палац прадалі нейкаму менчуку ўсяго за 9 мільёнаў рублёў! Добра што хоць пракуратура палічыла факт продажу несапраўдным і хутка справа пойдзе ў суд.
Але што б там ні было, палац застаецца без дагляду і працягвае паспяхова разбурацца. А колькі яшчэ па ўсёй Беларусі такіх занядбаных пабудоў "на балансе"...

Анонс

  • Apr. 22nd, 2009 at 7:54 PM
Іван Шах
16 красавіка на філфаку БДУ прайшла Беларуская вечарына.
Пакуль што фотаматэрыялаў добрай якасці не здабыў. Таму адзінае, што магу зрабіць, - анонс з абяцаннем падрабязнай і ілюстраванай справаздачы аб вечары.
Ну, і для інтрыгі - пару фотак з тых, што ёсць.



Хутка будзе больш і цікавей.

Tags:

Іван Шах
Вяртаюся, з вашага дазволу, да старой, але дужа цікавай тэмы.

Рождество – слова стараславянскае (ад рождаться, рождение). Яно замацавалася ў рускай мове (як і безліч іншых стараславянізмаў). В. Ластоўскі падае наступныя яго беларускія адпаведнікі: “Рождество ср. нараджэньне; свята нараджэньня Хрыста: Каляды, Коляды” [Ластоўскі В. Падручны расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік. Коўна, 1924. С. 618]. “Беларуска-расійскі слоўнік” Байкова і Некрашэвіча таксама засведчыў: “Каляда ж. – 1) праздник Рождества; 2) поздравление с Рождеством” [Байкоў М., Некрашэвіч С. Беларуска-расійскі слоўнік. Мн., 1926. С. 139]. “Тлумачальны слоўнік беларускай мовы” падае: “Каляды, -ляд; адз. няма. Царкоўнае хрысціянскае свята нараджэння Хрыста, якое адзначалася 25 снежня па ст. ст. і ў наступныя дні да вадохрышча” [Тлумачальны слоўнік беларускай мовы / Пад агульнай рэд. К. Крапівы. Т. 2. С. 595].
Усё ж такі знайсці паўнавартасную замену слову Рождество вельмі няпроста. Праф. І. А. Чарота піша: “У значэнні назвы свята беларускія преакладчыкі, незалежна ад традыцыі, замест яго выкарыстоўваюць найчасцей выраз Божае Нараджэнне, запазычаны з польскай мовы і каталіцкай традыцыі, або, іншазначнае і зусім не хрысціянскае, Каляды” [Чарота І. А. Беларуская мова і Царква. Мн., 2000. С. 122 – 123]. З гэтым, здаецца, варта пагадзіцца. Сапраўды, выкарыстанне ў царкве пры набажэнстве ці ў казаннях у якасці назвы найважнейшага хрысціянскага свята слова Каляды выглядае недарэчным. Але проста для параўнання зазначым, што назва яшчэ аднаго не менш значнага хрысціянскага свята – Пасха – слова, паводле паходжання, таксама “іншазначнае і зусім не хрысціянскае”.
Зноў звернемся да праф. Чароты: “...паступова замацоўваецца ва ўжытку, хоць і прымаецца далёка не ўсімі, адаптаваны царкоўнаславянскі варыянт – Ражджаство. Яго, дарэчы, не па сваіх прыхамацях Біблійная Камісія ўвяла, як гэта часам падаюць апаненты. Так да нас казалі і пісалі многія. Гэтая назва свята, да прыкладу, здаўна выкарыстоўваецца аўтарамі беластоцкай “Нівы”. <...> ...цяпер нашымі перакладчыкамі выкарыстоўваюцца Ражство, Раство. Ды наўрад ці іх можна лічыць больш удалымі. <...> ...ад гэтых слоў немагчыма ўтварыць прыметнікі – хіба ражствянскі, раствянскі?” [Чарота І. А. Беларуская мова і Царква. Мн., 2000. С. 123]. Зноў жа згаджаемся, але таксама з лёгкім ценем сумневу. Які прыметнік можна ўтварыць ад слова Ражджаство – хіба ражджэственскі?
Адмысловую прапанову мае праф. П. У. Сцяцко: “Пры імкненні наблізіцца да царкоўнаславянскай формы (рождество) найбольш падыходзяць аднакаранёвыя словы нараджэнне і народзіны. Апошняе, як менш карыстанае ў штодзённым маўленні, якраз і здатнае да ўзвышанага арэолу. Таму зусім натуральнае тут Народзіны Хрыста” [Сцяцко П. Культура мовы. Мн., 2002. С. 404].

Як вядома, найбольшую колькасць спрэчак выклікае слова Ражджаство. Відавочна, што гэта спроба беларускай фанетычнай адаптацыі стараславянскага Рождество.
Але ёсць тут яшчэ адна цікавая акалічнасць.
Звернемся да гістарычнай фанетыкі.
Спалучэнне жд у слове рождество з'яўляецца рэфлексам спалучэння *dj з праславянскай формы гэтага слова. Такі шлях пераўтварэння быў характэрны для стараславянскай мовы і працягнуў развівацца далей у рускай мове.
У беларускай жа мове праславянскае *dj дало пераважна спалучэнне дж. Параўнайце, да прыкладу: родить - рождение, ходить - хождение і нарадзіць - нараджэнне, хадзіць - хаджэнне.
Такім чынам, у як бы беларускім слове Ражджаство першы ж паводле гістарычных заканамернасцяў развіцця беларускай мовы, з'явіцца не мог. Вось чаму Ражджаство выглядае такім ненатуральным.
(Менавіта гісторыяй мовы я не займаюся, таму спецыялісты-гісторыкі мовы могуць мяне паправіць, калі я дапускаю недакладнасці ў сваіх апошніх развагах).

***

  • Apr. 22nd, 2009 at 2:00 AM
Іван Шах
Павар'яцелі ўсе на амерыканскіх серыялах! Ну літаральна ўсе іх глядзяць!
А я вось вырашыў: як захварэю - лячыцца буду толькі ў доктара Хауса...

***
Нясмешны нейкі жарт атрымаўся... Але хоць якая спроба вярнуць з небыцця мой гэты занядбаны блог. Чытаю-та я фрэндстужку рэгулярна, сумленна і з цікавасцю. А вось да пісання справа не даходзіць. Таму... Не ведаю... Чаго знайду цікавага ў сваім нецікавым жыцці і тое, чым, як мяркую, здолею зацікавіць шаноўную грамаду, буду, па магчымасці, адлюстроўваць у сваім электронным дыярыушы.
Поспехаў мне!
А як будзе нецікава, дык вы мне адразу так і скажыце: маўляў, не дуры галавы нам і, галоўнае, сабе і не марнуй часу!!! Не надакучвай!
Вось... Ізноў нейкі жарт не дужа ўдалы.
Ладна.

Ага. Вось, дарэчы, і музычка ў мяне грае адпаведная: "Там, где будет новый день"... Пафас аднаўлення і шчыры аптымізм. Можа, так і трэба жыць?
Адчуваю, што падышоў да мяжы. Да мяжы, калі трэба мяняць усё. Карыстаючыся замыленай фразай, "пачынаць з новай старонкі". Мяняць канкрэтна і беззваротна. Мой добры сябра, якога вельмі шаную, кажа пра такое ж сваё пачуццё, што гэта сканчэнне юнацтва і пачатак маладосці... Хы-хы... Ну, блін, не ведаю...
А можа, проста абрыдла... Зразумеў, што поўнае задавальненне пачуцця ляноты перастала прыносіць асалоду...

Ага, "...лишь оставаясь в пути, есть надежда войти в рассвет..." Ну, добра...

"...пусть лучше он прогнётся под нас..." Згода. Галоўнае - каб не атрымаўся "фруктовый кефир". Ну, толькі гэта ўжо іншая песня...

"Врата ада"

  • Nov. 26th, 2008 at 12:34 AM
Іван Шах
Сёння ў метро звярнуў увагу на нумар турнікету, праз які праходзіў: 666. Вось такія "вароты" ў падземнае царства Аіда... Хе-хе...

А час ідзе...

  • Oct. 10th, 2008 at 6:14 PM
Іван Шах
Восень, зіма, вясна...



А лета ці то не было, ці то я яго не заўважыў...
Праспаў, мабыць...

Tags:

***

  • Sep. 7th, 2008 at 10:21 PM

Жыццё – сон.
Таму трэба праспаць жыццё так, каб потым не пакутаваць з-за бязмэтна праспаных дзён... :-))))

Перамога!!!

  • Sep. 7th, 2008 at 10:16 PM
connecting...
Я даволі часта распавядаю знаёмым пра свае сны. Даволі часта яны бываюць незвычайныя, а часам ажно занадта. Дый увогуле сама з’ява пад назвай “сон” мяне вельмі цікавіць.
На працягу некалькіх апошніх год з перыядычнасцю ў 3 – 4 месяцы мне сніцца вайна, ў якой я звычайны жаўнер. Ваюем у розныя гістарычныя эпохі. То на Грунвальдскім полі я стаю поплеч з Вітаўтам Вялікім і трымаю ягоную зброю, то ў Першую сусветную сяджу ў нейкіх акопах, то ў Вялікую Айчынную адстрэльваюся да апошняга, але мяне ўсё роўна бяруць у палон, потым вырываюся…. Карацей, б’ю, рэжу, страляю, бягу, паміраю, ажываю, зноў бягу, людзей вызваляю, пад танк з гранатаю – мабыць, фільмаў савецкіх пра вайну ў дзяцінстве наглядзеўся.
Але што цікава. Колькі дзён таму сніліся мне помнікі Перамогі. Усякія розныя. Формаў класічных і дужа авангардысцкіх, адны стаяць на зямлі, другія прычэпленыя да неба. Апісаць немагчыма.
І тут я падумаў: ваяваў-ваяваў, а тут ужо помнікі Перамогі… Значыць, усё! Нарэшце! Канец вайне. Мы перамаглі. Ура!

Жнівень 2008 года

  • Aug. 13th, 2008 at 3:12 AM
уверх
"...багатае жніво сьмерці"
(Ф. Аляхновіч. "У капцюрох ГПУ")

***

  • Aug. 11th, 2008 at 11:04 PM
Іван Шах
Война в Грузии нужна кремлевским силовикам

Нейкі больш-менш цвярозы аналіз вайны ў Паўднёвай Асеціі ў моры інфармацыі і дэзінфармацыі.

І вось яшчэ адзін артыкул той самай аўтаркі
От ограниченного контингента к миротворческой миссии

З крыніц, што пажадалі застацца неназванымі...
Милиция о странном существе в Лидском районе: это фантазия
Смех, дый годзе... Я ведаю, што на вёсцы моцна п'юць, але каб настолькі... Ці, можа, які новы рэцэпт самагонкі прыдумалі?.. :-)

Снежны чалавек

  • Jul. 21st, 2008 at 2:29 PM
connecting...
Двуногое лохматое существо пугает жителей Лидского района

Калі заставаўся сцерагчы намётавы лагер у лесе, некалькі начэй запар нехта на нашай кухні паскудзіў: смецце раскідваў, іншыя рэчы разварушваў. Я думаў кот які ці сабака, што з хутару прыбеглі...
А цяпер во чытаю... Дык, можа, гэта тая самая "кудлатая істота" парадкі ў нас там наводзіла?..